Экскурсія “Таямніцы беларускай хаты”
Задачы:
- пазнаёміць вучняў з сялянскім побытам, асноўнымі рэчамі, іх ужываннем і выкарыстаннем у сялянскай хаце;
- развіваць уменні працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, аналізаваць атрыманую інфармацыю;
- выхоўваць беражлівыя адносіны да гістарычнага мінулага роднага краю і Беларусі.
Ход экскурсіі:
Настаўнік: Добры дзень, дзеці! Сёння разам з вамі мы здзейснім невялікае падарожжа. Хто з вас любіць падарожнічаць? (Адказы дзяцей) А падарожжа ў нас будзе незвычайнае. Мы паспрабуем вярнуцца ў мінулае і пабываць у хаце нашых продкаў. Згодны? (Адказы дзяцей) Тады заплюшчым вочкі. Палічым: раз, два, тры! І зробім тры крокі наперад. (Дзеці праходзяць ў “сялянскую хату”)
Я запрасіла вас у хатку нашых продкаў, каб расказаць як жылі нашы дзяды, прадзеды, чым займаліся, якія любімыя заняткі ў іх былі, як вялі сваю гаспадарку. Экспанаты, якія вы пабачыце збіраліся настаўнікамі і вучнямі не адзін год. Некаторым з іх больш чым сто гадоў. Хочацца адзначыць, што адметнай асаблівасцю рэчаў, прадстаўленых на выставе, з’яўляецца тое, што ўсе яны выраблены ўручную і выпраменьваюць энергетыку таго часу.
Будаўнiцтва жылля ў народнай традыцыi было абстаўлена пэўнымi звычаямi, абрадамi, абярэгамi, якiя адзначалi яго важныя этапы: выбар месца для жылля, нарыхтоўку i першасную апрацоўку драўнiны,закладку фундамента, узвядзенне страхi.
Асобая ўвага надавалася выбару месца для жылля. Пры гэтым гаспадаркiраваўся як чыста практычнымi меркаваннямi (суседства, формы ўласнасцi, характар грунту), так i старажытнымi ўяўленнямi, асвечанымi шматвякавой фальклорнай традыцыяй. Не дазвалялася будаваць хаты на скрыжаваннi дарог i на закiнутых шляхах. Перавага аддавалася ранней абжытым, выпрабаваным мясцiнам, дзе ўжо калiсьцi стаяла хата i тым месцам, якiя аблюбоўвала сабе для адпачынку рагатая жывела.
Пачатак будаўнiцтва прымяркоўвалi да пэўнай каляндарнай даты, што мела асобае сiмвалiчнае значэнне - канец Вялiкага посту, маладзiковая фаза месяца, бабiна лета i iнш. Найбольш спрыяльнымi днямi для пачатку будаўнiцтва лiчылiся аўторак i чацвер. Панядзелак, а ў некаторых раенах i сераду адносiлi да “цяжкiх дзен”.
У любой вясковай хаце ёсць месца, дзе пасядзець лічыцца за вялікі гонар. Паслухайце загадку і здагадайцеся, што гэта за месца: “Пад адной страхой чатыры браты стаяць” (Стол) А дзе ў нашай хаце стол? (Дзеці адказваюць або паказваюць). Раней гэтае месца нашы продкі называлі покуць, або Чырвоны кут.
Покуць – самаепачэснае месца ў хаце. Лічылася, што покуць спрадвеку ачышчала і ўзвышала чалавека, рабіла яго лепшым. Прыходзіла свята, Каляды ці Вялікдзень, і на покуці першы садзіўся гаспадар, а злева ад яго астатнія сямейнікі. І ні абы як, а па старшынству, дарослыя, дзеці. Маліліся, успаміналі добрым словам дзядоў-прадзедаў, частаваліся.
Покуць заўсёды прыгожа ўбіраецца. На покуці мясціліся стол і лава. Стол выконваў ролю своеасаблівага хатняга алтара, таму ставіліся да яго з павагай і дапусціць, напрыклад, на стол ката лічылася вялікім грахом, бо тут заўсёды знаходзіліся хлеб ды соль.
У кожнай хаце, дзе былі маленькія дзеці, вісела люлька (калыска). Над ёй маці заўсёды спявала свайму дзіцяці калыханкі. У нашай хаце таксама ёсць калыска. Давайце паглядзім, ці ёсць ў ёй хто? (Дзеці знаходзяць там ляльку). Дзеткі, а ці можаце вы ўзгадаць калыханкі, якія спявалі вам матулі? (Адказы дзяцей) Можа вы паспяваеце нашай дзяўчынцы калыханку? (Дзеці па жаданню спяваюць).
Дзеці, а як вы думаеце, што займала галоўнае месца ў сялянскай хаце? (Адказы дзяцей) А я зараз вам крышку падкажу, загадаю загадку: “Маці-таўстуха, дачка-краснуха, а сын-перабор, выскачыў у двор” (Печ, агонь, дым), або “Яна галодная – хата халодная. Яна пад’ела – у хаце пацяплела” (Печ).Печ была галоўнай ў хаце, бо ў ёй пяклі хлеб, штодзённа гатавалі ежу, на ёй спалі, сушылі вопратку, абутак, ад яе было цёпла ў хаце.
Акрамя пячы, у сялянскай хаце заўсёды карысталіся глiняным посудам. Прыгожа глядзiцца ён i на кухоннай палiцы, i на абедзенным стале. А ў нашых продкаў глiняныя вырабы былi на любы густ, для розных патрэб.Гэта – збан. Пасудзiна добра вядомая. У iм звычайна трымалi малако: доўга не скiсае, а ў гарачыню – халоднае. Бакi ў збана выпуклыя, шыйка – звужаная. Мае ручку i носiк-дзюбку, каб тое ж малако лёгка, роўным струменьчыкам лiлося ў мiску цi ў кубак.
Гарлач старэйшы за збан. Яны падобныя, як браты, толькi гарлач без ручкi i не мае носiка-дзюбкi зверху. Пасудзiна адна, а называлi яе дзе збаном, дзе гарлачом, дзе стаўбуном.
Шанавалася ў хаце яшчэ адна глiняная пасудзiна – гляк. У iм добра захоўвалiся алей, квас, бярозавы i кляновы сок, калодзежная i крынiчная вада. Гляк падобны на шар, часам – выцягнуты ўгору. З адной цi дзвюма ручкамi па баках. Дно плоскае, шырокае, а горлачка – кароткае i вузенькае, як у бутэлькi. Такi гляк цяпер рэдка дзе ўбачыш. А некалi стаяў побач з гарлачамi i збанамi, так бы мовiць, у адной сям’i.
А вось перад вамі бойка. Калі малако адстойвалася ў збанках, гаспадыня збірала зверху смятану – густы, тлусты слой. Назапашвала смятаны ўдосталь і біла з яе ў бойцы масла. Бойка – высокая круглая кадачка, звужаная кверху. Рабілі бойку з клёпак або выдзёўбвалі з дрэва. Клёпкі найчасцей стругалі з елкі, гладка апрацоўвалі і сцягвалі абручамі. Масла білі ўручную. Калатоўка шпарка бегала зверху-ўніз, знізу-ўверх. Бегала доўга і без перадыху, каб смятана ў бойцы не астыла. Збіўшы масла, злівалі ў збанкі маслёнку.
Прыгадваецца казка пра дзвюх жабак, якія трапілі ў пастку – збанок са смятанаю. Адна жабка адразу выдыхнулася, здалася і патанула ў смятане. А другая, упартая, доўга працавала лапкамі, як калатоўкаю, і збіла са смятаны масла. Стала на грудку масла і выскачыла са збанка на волю. Казка цікавая і павучальная: ніколі не падайце духам, сябры, верце ў свае сілы – і зможаце выбрацца з любой пасткі.
Значнае месца сярод прадуктаў харчавання нашых продкаў займала агароднiна - капуста, буракi, морква, рэпа, цыбуля, часнок, бульба. Пэўную долю ў харчаваннi беларусаў займалi прадукты жывелагадоўлi. Больш за ўсё спажывалi свiнiну, а ў заходнiх рэгiенах Беларусi - баранiну. Значным дапаўненнем да асноўных харчовых прадуктаў, якiя здабывалiся ў вынiку заняткаў земляробствам i жывелагадоўляй, былi прадукты збiральнiцтва, пчалярства, рыбалоўства i паляўнiцтва. У залежнасцi ад састаўляючых кампанентаў выдзяляюць звычайна наступныя групы страў - мучныя, рыбныя, стравы з яек. Самым распаўсюджаным прадуктам быў жытнi печаны хлеб.
Сярод напояў найбольш распаўсюджаным быў хлебны квас. Гатавалi квас таксама з бярозавага соку (бяразавiцу), квас з груш, яблык. З сушаных яблык i груш - дзiчак варылi ўзвар. Здаўна на Беларусi варылi мядуху, якая вядома пад назвай мядавуха, медунiца.
Дзеці, як вы думаеце, чым любілі займацца нашы продкі? Вечарамі, асабліва ў зімовы час, сялянская хата ператваралася ў майстэрню. У доўгія вечары пры святле лучыны тут рабілі лыжкі і посуд, плялі лапці і пралі, ткалі, шылі адзенне і вышывалі. Адно з самых старажытных промыслаў беларусаў – ткацтва. На працягу стагоддзяў яно перадавалася з пакаленняў у пакаленні. Сыравінай для ткацтва быў лён або авечая воўна.
Лён – улюблёная расліна славянскіх народаў. З яго валакна выраблялі вопратку, вяроўкі і нават абутак. Вырашчаны лён трэба было сабраць, звязаць у снапы, а потым раскласці на полі, каб пад уплывам сонца, ветру і дажджу адышла кастрыца (адходы, якія атрымліваюцца ў выніку перацірання адзеравянелых частак сцябла пры трапанні). Гэта патрабавала шмат намаганняў і часу. Цяжка было пераўтварыць льняныя сцяблы ў валакно, а затым у тканіну.
У нашай музейнай хаце знаходзяцца некаторыя прылады ткацтва: калаўрот, прасніца, верацяно, пранік.Калі пража была гатова, то гаспадыня сядала за станок і пачынала працу. Хоць і цяжка жылося нашым продкам, але не страцілі яны пачуцця прыгожага.
Звярніце, калі ласка, увагу, якую вопратку насілі сяляне. Усё рабілі сваімі рукамі, пачынаючы ад саматканай тканіны да ўзораў вышыўкі на ручніках і посцілках. Некаторым ручнікам больш за 100 год.Ручнікі (паказ экспанатаў) не толькі ўпрыгожвалі інтэр’ер хаты, але і шырока выкарыстоўваліся ў беларускіх абрадах. Вялікая колькасць ручнікоў выкарыстоўвалася ў цэлым радзе святаў, асабліва сямейна-родавай накіраванасці: пры нараджэнні дзіцяці, на вяселлі і ў час пахавання.
Калі вы ўважліва паглядзіце, то ўбачыце калекцыю жалезных прасаў. Працавалі яны на вуглях. Каб працаваць такім прасам, спачатку неабходна было ўнутар пакласці гарачыя бярозавыя вуглі. Каб зноў распаліць патухшыя вуглі, трэба было падуць ці памахаць прасам з боку ў бок.
У кожнай сялянскай хаце можна было ўбачыць зручны абутак, плецены з лыка, лазовай кары, бяросты цi пянькi – канапляных вяровачак. Лыка дралi найчасцей з маладой лiпы, сушылi ў клецi або на гарышчы хаты. Потым палоскi кары, каб яны не ламалiся, размочвалi ў цёплай вадзе. I плялi лапцi. Плялi на драўлянай калодцы. Палоскi лыка шчыльна падганялi адна да адной. Аборамi лапцi прывязвалiся да ног. А на ногi накручвалiся палатняныя анучы, зiмою – суконкi, каб цяплей было. Падэшву для трываласцi падпляталi тым жа лыкам, пянькою, зрэдку падшывалi скураю.
Плялi лапцi звычайна мужчыны. Сярод iх былi сапраўдныя майстры: выштукаваныя iмi лапцi, лёгкiя i зграбныя, прыгожа глядзелiся на любой назе. У iх добра было i на працы, i ў танцы.Лапцi i сёння «скрыпяць» у народных казках i песнях. I не лапаць, вядома, вiнаваты, а сам чалавек, калi з яго, недарэкi, смяюцца: «Лапаць ты!»
Падышла да канца наша экскурсія. Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця, канечне, не варта, але ведаць, як жылi нашы дзяды, прадзеды, трэба. Часцей азірайцеся, сябры, назад, у мінулае, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню.
Нясем сваю мы спадчыну,
Здабытую ў вяках,
Шануем песню матчыну –
Наш неацэнны скарб.
Яна для нас крыніцаю
Жывей вады звініць,
Каб не маглі забыцца мы,
Дзеля чаго нам жыць.
Дзякуй за ўвагу! Да новых сустрэч!