Фальклорнае свята “Скарбы роднага краю” (на базе музея)
Мэта: фарміраванне патрыятызму і грамадзянскай свядомасці вучняў, пачуцця гонару і любові да Радзімы, выхаванню цікавасці і любові да спадчыны.
Чытальнік 1
Гасцей усім сэрцам вітаем!
У скарбонку зірнуць запрашаем!
Ты крані яе рукою –
Загаворыць звонка-звонка...
Ты ці знаеш, што такое
Беларуская скарбонка?
Доўга скарб збіралі гэткі
І матулі, і дзядулі,
Каб яго пачулі дзеткі,
Каб дарослыя пачулі.
Звычаі народа – вось наша багацце.
Скарбніца, што нам засталася на шчасце
І скарб гэты трэба нам усім захаваць,
Каб потым нашчадкам сваім перадаць.
(Гучыць мелодыя песні “Спадчына”)
Роднай старонцы, свайму народу прысвячаецца!
Ты знаеш край, зачараваны край,
Дзе ў салаўіных песнях – кожны гай,
Дзе вабіць сэрца неабсяжнасць ніў,
Дзе ззяе хваль азёрных пераліў,
Дзе зоры над курганамі мігцяць,
Дзе ўдалячынь вядуць шляхі жыцця,
Дзе ў кожнай хаце ты – жаданы, свой,
Дзе некалі сустрэліся з табой.
Дзе вечна птушкі свае гнёзды ўюць,
Дзе нават і памерлыя жывуць.
(Песня “Завешся ты ласкава Белай Руссю”)
Чытальнік 2 Белая Русь... Гэта назва гучыць для мяне ціхім шолахам лісця ў лесе, вясёлай гаворкай крынічкі, чыстай расінкай у промнях узыходзячага сонца, развітальным курлыканнем журавоў высока ў небе восеньскім днём, вясёлым гоманам белагаловай дзетвары вераснёўскай раніцай. Гэта ўсё яна, Белая Русь!Гэта наша зямля восеньскім туманным ранкам уся ў блакітных азёрах і рэчках, з бярозавымі беластволымі гаямі, называецца Белай Руссю.
Зямля, якая так і не скарылася ў старажытныя часы чорнай навале нашэсця.
Заставалася яна чыстай, не спаганенай ворагам.
З чаго пачынаецца Радзіма? Мы гаворым: “Мая Радзіма – Беларусь.” Але для кожнага чалавека слова Радзіма перш за ўсё асацыіруецца з месцам, дзе ён нарадзіўся, бацькавай хатай, рукамі і ўсмешкамі маці.
Чытальнік 1 Што такое Бацькаўшчына? Знаеш?
Гэта рэчка, сцежачка лясная,
Гэта ў лузе залатая пчолка,
А ў вачах тваіх – вясёлка.
Бацькаўшчына – гэта дом твой, школа;
Гэта песні, што звіняць наўкола
Гэта сам ты, гэта тата твой і мама
І сябры твае таксама.
Чытальнік 2 Мая Радзіма – жытні колас,
Сінь мурагу, язьміну цвет.
Яна –пілы гарачай голас,
Калёс цяжкіх глыбокі след...
Чытальнік 1 Мая Радзіма – дзе з-за бору
Узыходзіць месяц уначы,
Дзе ў братнім ладзе, у дружным зборы
Жылі калісьці крывічы...
Валілі лес, аралі ляды
Сушылі гуртам нераты
І да туманных даляглядаў
Ганялі спраўныя плыты.
Чытальнік 3 Дзяцей бацькі вучылі строга
Любіць саху, пчалу,зямлю
І аднаму маліцца богу –
Нялёгкай працы мазалю.
Таму і праўнуку, і ўнуку,
Было няміла нішчыць, біць:
Ён вывучаў адну навуку,
Адно евангелле: рабіць...
Чытальнік 4 Рабіў ён зрубы залатыя,
Нарогі, гонкія чаўны
І сцены белыя Сафіі
Над плынню быстраю Дзвіны.
Умеў мой продак човен ладзіць,
Паліць ікластыя карчы,
Таму, хто ў роспачы, - дарадзіць,
Таму, хто ў горы, – памагчы.
Чытальнік 5 Мой край, мой рай бульбяна-жытні!
Зеленадолы, залаты!
Як спеў матулі – старажытны,
Як песня любай – малады!
Чытальнік 6 Якіх ты меў на зайздрасць свету
І цесляроў, і муляроў,
І летапісцаў, і паэтаў,
І музыкантаў – дудароў!
Чытальнік 7 Кажуць, кожны кулік сваё балота хваліць. Хвалю, слаўлю ў
меру сіл і здольнасцей, і я тыя мясціны, дзе нарадзіўся, бо ведаю – няма лепшага раю ад роднага краю. Тут нараджаліся, жылі і паміралі ўсе мае продкі – дзяды, прадзеды, прашчуры.
Каля лямпы гаспадыня прадзе кудзелю. Гаспадар пляце кошык. Дачка каля стала вышывае ручнік. Стук у дзверы. Заходяць госці, спяваючы прыпеўкі.
На вячоркі мы ідзём
Дарагія дзевачкі
Гарманіст у нас прыгожы
Грае нам прыпевачкі
Заспяваем мы прыпеўкі
Будзем весела спяваць
Як не будзе вам маўчацца
Тады будзем падпяваць
Танцавала полечку,
Парвала фальбоначку
Пайду мамку прасіць,
Каб фальбоначку зашыць
Я купіў сабе штаны
Не дам ні як рады
Я зашыю спераду –
Яны ж рвуцца ззаду.
Нашы хлопцы – местачкоўцы
Знаюць, з кім знаёміцца
У каго куфэрак грошай
І цялушка доіцца.
Не глядзіце на мяне,
Што я хударлявая.
Мамка сала не дае –
Што ж я вінаватая?
Нарадзіла мяне маці
Думала прыгожага.
Раскруціла,палажыла –
Рыжага, курносага.
Рассыпайся гарох
А я пазбіраю
Разыдзіся народ
А я пагуляю.
Госці: Добры вечар Вам! Ці можна да Вас на вячоркі?
Гаспадар:Праходзьце, калі ласка!
1-ы госць:Сядзем радком– пагаворым ладком.
2-гі госць:За добрай размовай і работа ідзе хутчэй.
3-ці госць: А паглядзіце, якія прыгожыя ручнікі ў хаце! І хто ж гэта іх ткаў, вышываў?
Дачка:Гэта ручнікі маёй матулі. Яна можа шмат чаго расказаць пра іх. Давайце папросім яе.
Гаспадыня: Сапраўды ручнік– гэта не проста кавалак тканіны, якім выціраюць твар і рукі. На Беларусі шмат звычаяў, звязаных з выкарыстаннем ручнікоў. На ручніку падаюць хлеб-соль, калі вітаюць дарагіх гасцей, таму што ручнік–гэтасімвал чысціні, цяпла беларускай зямлі і роднай хаты.
Дачка:Мы захоўваем гэты добры звычай нашых бацькоў, і таму я хачу пачаставаць вас, дарагія госці, хлебам-соллю
(Дачка падыходзіць да гасцей з хлебам-соллю і нізка кланяецца; госці частуюцца.)
1-ы госць:Калісьці ўбілі нам у галовы, што лён–гэта ад беднасці. Бо і сапраўды беларусы ўсё сваё жыццё хадзілі ў палатняным адзенні. А вось у Старажытным Рыме амаль такія ж абрусы, як нашы продкі засцілалі на стол кожны дзень, былі прыкметай раскошы. Ці не таму. Што здалёк, мо з-пад самага Нёмана, прывозілі.
2-гі госць:А ці вядома Вам, што палатнянае адзенне насілі не толькі нашы продкі, але біблейскія героі, фараоны, жрацы? Дарэчы, на егіпецкіх фрэсках ІІІ тысячагоддзя да нашай эры намаляваны ўсе стадыі апрацоўкі лёну.
3-і госць:А вось мая бабуля мне расказала многа цікавага пра лён. Можа і вам расказаць? (Раскажы) Тады слухайце... Малазямельным сялянам прыходзілася купляць лён на рынку ці выменьваць, бо на вузкіх палосках зямлі не заўсёды хапала для яго месца. У каго ж лён рос, то з ім было нямала клопату. Пакуль ён стане палатном. Амаль выспелы лён у у жніўні рвалі ўручную, звязвалі ў пучкі, ставілі у бабкі (невялікія мэндлікі) галоўкамі ўверх. Так зярняты выбіраюць са сцяблінак рэшткі вільгаці і даспяваюць. Лён звозілі ў гумно, потым на таку вымалочвалі семя (звычайна з дапамогай пранікаў). Абмалочаны лён у верасні слалі на нізкім месцы, каб лён вымак і вылятаўся.
Падняты звязаны ў пукі лён сушылі ў печы або ў спецыяльных сушнях. Дзесьці ў кастрычніку лён церлі на мяліцах. А можа з вас хто ведае як яны выглядалі?
4-ы госць:Я бачыў, і вам пакажу (выносіць мяліцу). Мяліца– гэта дзве вузкія, даўжынёй крыху больш метра дошкі, прымацаваныя гарызантальна да вертыкальных стоек (на вышыні ў пояс чалавека). У адтуліну паміж імі зверху заходзіла біла (язычок). Рухомае біла бралі ў правую руку і прыпадымалі, левай падкладвалі пад яго лён і ламалі, мялі. Так вылушчваецца кастрыца, а ў левай руцэ застаецца валакно. Аднак на церніцы валакно чыста не абробіш: у ім застаецца многа кастрыцы.яе выбіралі траплом– прыладай з дрэва. Жменю валакна пры гэтым клалі на тарэц вертыкальна замацаванай на таку дашкі. Трапалі валакно, пакуль не сыдзе ўся кастрыца.
5-ы госць:А сапраўды як цікава! Гэта ж столькі працы. Цяпер, напэўна, здолееце адгадаць адгадаць маю загадку: “Прыйдзе восень– заб’ю лося, галаву з’ем, шкуру аблуплю, а мяса за плот выкіну”.
6-ы госць:Канчаткова ж валакно ачышчалася ад кастрыцы (вычэсвалася) яшчэ і на шчотках. У працэсе часання раздзяляецца зрэбік (валакно нізкай якасці) і кужаль–зусім чысты лён, прыдатны для прадзення на кужаль і на шытныя ніткі (для шыцця). Усю першую палову зімы гаспадыні даводзілася прасці нарыхтаванае льняное валакно ці воўну. Умець прасці тонкую, роўную нітку лічылася вялікім майстэрствам. Але тут нельга было абыйсціся без калаўрота. Другую палову зімы гаспадыня (а калі падрасталі, то і дочкі) займаліся снаваннем нітак і тканнем палотнаў у кроснах. Дарэчы, шчыльныя і трывалыя палатняныя латы, якія не прабівала нават страла, насілі воіны персідскага цара Ксеркса.
7-ы госць:І на нашай зямлі быў калісьці лён адной з самых шанаваных раслінаў, бо і апранаў, і карміў. Беларускія жанчыны падчас трох найважнейшых тагачасных святаў, што спраўлялісяў зімовы і летні сонцаваротыды на вясновае раўнадзенства, звярталіся да магічных дзеянняў, каб вырас добры лён. На масленіцу спецыяльна ездзілі як мага далей на санях, каб лён быў доўгі. А на Купалле дзяўчаты і маладзіцы кідалі у вогнішча бярозавыя галіны ды прыгаворвалі: “Каб мой лён такі ж вялікі, як гэта бярэзінка”. А ўжо працы беларускія жанчыны не шкадавалі.
Гаспадыня:Дзякуй Вам, госці, за тое, што памятаеце, як цанілася льняное валакно ў старажытныя часы, як шанавалі беларусы сваё “белае золата”. Дык, можа, вы і песні пра лён ведаеце?
Госці: Ведаем. І можам праспяваць. Песня “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”.
Гаспадар:Вось гляджу я на ручнікі і думаю: служаць яны нам усё жыццё, а потым яшчэ і ў апошні шлях праводзяць.
8-ы госць:Так, ручнікі выкарыстоўваліся і ў жалобнай абраднасці. Калі цела нябожчыка ўжо ляжала ў труне на кутнім месцы, за акно, пры якім стаяла труна, вывешваўся ручнік і ў знак жалобы, і для “патрэбаў” нябожчыка, які можа вярнуцца ў пакінутую хату.
Госці:Ручнік ужываўся і для ўшанавання духаў продкаў на Дзяды. У гэты дзень пасля вячэры на канец стала клалі ручнік і ставілі кубак з вадой. На стале пакідалі стравы. Людзі верылі, што “дзяды” прыйдуць уначы на вячэру і будуць мыць рукі.
Гаспадар:Нешта сумна стала пасля вашых аповедаў. Можа, хто-небудзь раскажа, як выкарыстоўваюць ручнікі на вяселлі?
10-ы госць:З задавальненнем. Мне пра гэта расказвала мая бабуля. Калісьці нявеста ў якасці падарункаў рыхтавала менавіта ручнікі. Яны пацвярджалі, што дзяўчына ўмее добра ткаць, а значыць, зможа апранаць сям’ю. Дарэнне ручнікоў заўсёды суправаджалася песнямі.
11-ы госць:Да сённяшняга дня захавалася ўжыванне ручніка ў якасці падножніка, на які станновяцца маладыя падчас вянчання. А яшчэ ручніком звязваюць нявесту і жаніха на вянчанні, а таксама падчас пераезду да жаніха. Гэта сімвалізуе адзінства маладых.
Гаспадыня:А вось мне бабуля расказвала пра вельмі хвалюючы момант вяселля. Прыезд павянчаных да хаты маладога, суправаждаўся своеасаблівай выставай пасагу нявесты: ручнікоў, абрусаў, посцілак. Госці прыдзірліва ацэньвалі іх колькасць і якасць, багацце вышыўкі, карункаў.
12-госць:На ручніку нашы продкі калісьці прымалі нованароджанае дзіця. А дзяўчаты дарылі вышываныя ручнікі хлопцам, якіх праводзілі ў войска, каб не забыліся пра дом, успаміналі.
Гаспадар:Так, шмат у нас розных абрадаў, звязаных з ручнікамі, але іх аб’ядноўваў адзін сэнс – ушанаванне продкаў. Ручнік быў сімвалічным пасрэднікам паміж светам жывым і светам нябачным.
13-ы госць:Ой, як гэта ўсё цікава. Але ўжо дамоў пара ісці. Жадаем, каб Ваша дачушка багата была, была і на тое лета замуж пайшла, каб і намі не ганьбіла, на вяселле запрасіла.