Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Экскурсія “Быт беларусаў”

Экскурсія “Быт беларусаў”

Мэта: Выхаванне беражлівых адносін да гісторыка-культурнай спадчыны.

Задачы: фарміраваць цікавасць да беларускай культуры, каштоўнасцей прошлых пакаленняў і гісторыі свайго народа.

Ход мерапрыемства:

Вяд.1: Запрашаем вас у хату, якой яна была яшчэ не так даўно. Хату рабілі з дзвюх памяшканняў – халодных сенцаў і цёплай жылой хаты. Мы знаходзімся ў яе цёплай частцы.

         У аснове інтэр’ера беларускай сялянскай хаты была печ. Печ – гэта цеплыня. Печ – гэта здароўе застуджанаму. Печ – гэта і гарачая, смачная ежа. Дзе печ, там і тое, што з печы.

        Вяд.2: Гаспадыні прыходзілася ўставаць вельмі рана, каб вытапіць печ, зварыць сняданак, абед, ежу для жывёл. На сняданак і абед не заўсёды збіраліся разам. Дарослыя ўставалі раней, ды і на абед яны не заўсёды былі дома. А вось на вячэру збіралася ўся сям’я і тады не толькі ўжывалі ежу, але і адначасова займаліся выхаваннем дзяцей: вучылі адносінам да хлеба, як паводзіць сябе за сталом, як ужываць ежу. А непаслухмянага бацька мог выгнаць з-за стала і аставіць без ежы. Каля печы зімнімі доўгімі вечарамі збіралася ўся сям’я прасці і майстраваць.

Вяд.1: У печы гатавалі тое, што ляжала ў аснове ўсяго сялянскага жыцця.

Сёння, каб прыгатаваць хлеб, існуюць машыны і электрычныя печы. Даўней хлеб выпякалі гаспадыні самі, замешвалі цеста, пяклі яго ў печы і частаваліся. Уменне пячы хлеб лічылася прыкметай гатоўнасці дзяўчыны да сямейнага жыцця. Выпечка хлеба, як і гатаванне ўвогуле, у патрыярхальным грамадстве лічылася жаночай справай. Мужчыны ўмелі гатаваць, але займаліся гэтым толькі тады, калі гэта не магла зрабіць жанчына (хварэла, была ў ад’ездзе). Хлеб пякла галоўная гаспадыня, спачатку свякроў, потым старэйшая нявестка. Пяклі хлеб раз на тыдзень, працэс расцягваўся амаль на суткі: пасля абеду расчынялі цеста ў дзяжы, яно квасілася 10 – 12 гадзін, назаўтра раніцай цеста вымешвалі, пакідалі, каб падыйшло, а пад абед фарміравалі боханы. Пакуль цеста падыходзіла, у хаце забаранялася сварыцца, а дзецям – крычаць і бегаць. У гэтых забарон ёсць рацыянальны аспект ад вібрацый цеста можа асесці), але ёсць і міфалагічны аспект– праява пашаны да хлеба. Гаспадыня зганяла з печы ўсіх, хто там сядзеў.

Вяд.2: З адной дзяжы, у залежнасці ад яе памеру, выходзіла 5–8 боханаў, якія сям’я ела цэлы тыдзень. Ад хлеба да хлеба дзяжа стаяла ў самым пачэсным месцы ў хаце – на покуці. На яе сценках заставалася трохі цеста для закваскі на наступную выпечку. Дзяжу цалкам вымывалі толькі раз на год, на Вялікдзень. Выкінуць хлеб быў смяротны грэх.

     Вял.1: У куце за печчу захоўвалі вілкі для чугуноў, качаргу, венік. На печы сушылі адзенне, можна было паляжаць і нават спаць. Асабліва гэта падабалася дзецям. Пад печчу захоўвалі зімой бульбу.

     Вяд.2: Посудам у асноўным карысталіся гліняным: збанкі, міскі, кубкі, якія захоўваліся на палічках, банкі, у якіх адстойвалі малако на смятану. Для гэтага яе апускалі ў калодзеж у халодную ваду. Потым праз кранік злівалі малако, а ў акенца было відаць дзе ўжо смятана.

       Вяд.1: У самых вялікіх ночвах замешвалі цеста на пірагі. У меншых ночвах замешвалі цеста на лапшу, бо ў продажы яе не было, рабілі самі.

       Вяд.2: Ложак быў драўляны з матрасам з сена. Вышытыя падушкі клалі для прыгажосці, а спалі на іншых. Засцілалі ложак посцілкамі. Каля ложка гаспадароў вісела люлька, калыску таксама ставілі блізка каля ложка, каб ноччу не ўставаць да дзіцяці.

     Вяд.1: У хаце абавязкова была вялікая лаўка, на якой не толькі сядзелі, але маглі і спаць. Засцілалі лаўку налаўнікамі.

     Самае паважанае месца ў хаце - гэта “покуць” (чырвоны кут), дзе стаяў стол, віселі абразы, упрыгожаныя ручнікамі.

     Стол быў драўляны. І пасля ежы яго часта шкрэблі нажом, каб быў чысты. На святы на стол клалі абрус або ручнік.

     Асвятлялася хата керасінавай лампай, падвешанай да столі.

Вяд.2: У хаце вешалі зроблены з саломкі павук, які, лічылася, на працягу года накопліваў дрэнную энергію і яго перад Калядамі спальвалі. А замест яго рабілі новы.

     Пачэснае месца ў хаце займаў куфар, які выкарыстоўвалі для захоўвання пасагу нявесты. У куфар складвалі адзенне, тканіны, бялізну, каштоўныя дакументы. Часам куфар выконваў ролю крэслаў ці канап, нават ложкаў. У Беларусі славіліся куфары, зробленыя і распісаныя фарбамі ў вёсцы Огава Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Тэхніка роспісу якіх і прыгатаванне фарб трымаліся ў сакрэце.

Вяд.1: У сваёй гаспадарцы сяляне выкарыстоўвалі кубэльцы, у якіх салілі сала, захоўвалі зімой каўбасы. Звычайна парсючка рэзалі на Калядныя святы і, каб захаваць каўбасу мужчынам на сенакос, рабілі спецыяльныя кашы з крышкамі, якія падвешвалі на “гарышчы” – чардаку.

Вяд.2: Хочацца адзначыць, што гаспадыні заўсёды ўпрыгожвалі сваё жыллё. Для гэтага выкарыстоўвалі карункі з паперы ў тэхніцы выцінанка. З тканіны ў першую чаргу шылі бялізну, адзенне, ручнікі.

Вяд.1: Тканіну атрымлівалі з лёну, які вырошчвалі самі, пераапрацоўвалі ў валакно, потым пралі на пралцы-калаўротку або на верацяне. З атрыманых нітак ткалі палатно, ходнікі, ручнікі, посцілкі.

Вяд.2: Жанчыны займаліся яшчэ і вышыўкай. Вышыўка – самы старажытны і распаўсюджаны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вышыўкай упрыгожвалі адзенне і вырабы дамашняга побыту. Але даведацца, хто і калі ўпершыню здагадаўся перадаць узорным матывам прыгажосць навакольнага свету, свае ўражанні, мы ніколі не зможам. Навука не можа дакладна вызначыць час узнікнення гэтага мастацтва з-за недаўгавечнасці тканіны і нітак. Уменне вышываць перадавалася ад старэйшых да малодшых. Кожная дзяўчына павінна была вышыць сабе вясельны посаг, таму што радня жаніха па ім вызначала ці добрая яна гаспадыня.

Вяд.1: Вышывалі жанчыны і ручнікі. Ручнік – прадаўгаваты кусок тканага палатна бытавога і традыцыйна-абрадавага прызначэння. Бытавы (уціральнік) служыў для выцірання. У ручніках “трапкачах” насілі абед у поле. Ручнік “абыдзеннік” – гэта ручнік, які вытканы на працягу дня. Ручнік на бажніцы звалі набожнікам. Згодна павер’ю беларусаў, асаблівая чысціня ручніка надавала яму магічную сілу супраць засухі, града, эпідэмій. Для гэтага яго вешалі на прыдарожны крыж, абносілі вакол сяла.

Вяд.2: Ручнікі на Беларусі розныя ў кожнай мясцовасці. Галоўная розніца – менш “раслін і кветак”. Арнамент часцей геаметрычны. Меней чорнага колеру. Пераважае “вясёлка”, жоўты, чырвоны, сіні, блакітны колеры. На канцах ручнікі ўпрыгожвалі карункамі, бахрамой. Традыцыйна-абрадавымі ручнікамі ўпрыгожвалі абразы, карціны, фотаздымкі. Узорысты ручнік ахвяравалі як дар у царкву, на крыжы, якія стаялі на перакрыжаваннях дарог.

Вяд.1: Ручнікі займалі пачэснае месца ў каляндарных абрадах. На Вадохрышча ручніком упрыгожвалі ледзяны крыж. На Купалу разам з вянкамі з жывых кветак ручнікі развешвалі на прыдарожныя крыжы. На дажынках першы сноп абвязвалі ручнікамі. Ручнікі ўваходзілі ў шлюбны пасаг нявесты, былі неабходным элементам падарункаў нявесты жаніху, сватам, родзічам жаніха. У мінулым ручнік быў своеасаблівым магічным сімвалам роду, сям’і, з дапамогай якога нібы ажыццяўляецца сувязь паміж продкамі і нашчадкамі. Упрыгожвалі сваё жыллё жанчыны і вышытымі карцінамі. Больш увагі ўдзялялі вышыўцы крыху пазней.

Вяд.2: У нашым музеі захоўваецца традыцыйнае адзенне сялян. На аснове некаторых элементаў адзення можна меркаваць аб сацыяльным становішчы, паходжанні, месцы пражывання, узросце яго гаспадара. Мужчынскае адзенне складалася з сарочкі, нагавіц і пояса. Сарочка вышывалася на грудзях, каўняры, манжэтах або па ніжнім краі. Летнія нагавіцы былі льняныя, а зімнія – з сукна. Пояс быў плецены або тканы. Яго абгортвалі вакол таліі і завязвалі збоку.

Вяд.1: А гэта касцюм мясцовага настаўніка Біля Станіслава Янавіча, які працаваў у нашай школе яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны. Перадаў яго касцюм у музей яго ўнук, таксама былы настаўнік нашай школы.

Вяд.2: Жаночае святочнае адзенне складалася з сарочкі, спадніцы, фартуха. Сарочкі вышываліся па каўнеры, рукавах, а часам і па ўсёй пазусе. Спадніцы з сукна, так званыя “андаракі”, мелі прыгожы выгляд: тканыя папярочныя рознага колеру палоскі. Самыя шырокія, прыгожыя шлі па нізе падола.

Вяд.1: Урэшце фартухі. Іх насілі абавязкова. Святочныя фартухі былі тканыя або вышытыя. Штодзённае адзенне было больш простае. Вучні нашай школы наведалі этнаграфічны музей “Бездзежскі фартушок” у Драгічынскім раёне, дзе сабрана вялікая калекцыя беларускіх фартушкоў.

Вяд.2: Не толькі сёння гаспадыням хочацца, каб іх сямейнікі выглядалі акуратна, дагледжана. Ужо ў даўнія часы існаваў аналаг сучаснаму прасу. Потым з’явіліся прасы на вуглях. Імі перыядычна трэба было махаць, каб вуглі тлелі (праз адтуліны трапляла паветра) і грэлі падошву.

Вяд.1: Паважаныя наведвальнікі музея. Не толькі ў нашым музеі захоўваюцца экспанаты, якія засталіся нам у спадчыну ад нашых продкаў.

Вяд.2: А цяпер мы запрвшаем вас прайсці ў кабінет 202.

Вяд.1: Вычнямі нашай школы была праведзена этнаграфічная экспедыцыя да мясцовых вышывальшчыц. У выніку экспедыцыі былі сабраны вышытыя карціны, з якіх створана выстава “Майстэрства нашых бабуль”. Тут ёсць работы, якім каля 100 гадоў. З расказаў рукадзельніц мы даведаліся, што замест капіравальнай паперы яны выкарыстоўвалі паперу, змазаную салам. Калі яна высыхала, то станавілася празрыстай і з яе дапамогай перамалёўвалі малюнкі.

Вяд.2: Па выніках экспедыцыі дзяўчынкамі была падрыхтавана работа даследчага характару на раённую навукова-практычную канферэнцыю, дзе занялі I месца і былі ўдзельнікамі абласнога этапу.

Вяд.1: Не забываліся дарослыя і пра дзяцей. Для іх выраблялі розныя цацкі: з дрэва, саломкі, тканіны, нітак. Шылі цацкі – “цільды”, рабілі цацкі з саломкі, лялькі з нітак.

Вяд.2: Прапаноўваем і вам зрабіць самім такую ляльку.

Правядзе майстар–клас настаўніца абслуговай працы Мшар Яўгенія Аляксееўна.

Правядзенне майстар-класа

Раздзелы сайта